Беларуская народная цацка — скарб нашага народа. У ёй адлюстраваны традыцыі, побыт, гісторыя. Менавіта знаёмству з беларускай народнай цацкай мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускіх традыцый праз азнаямленне з народнай цацкай сродкамі мастацкай дзейнасці з’яўляецца адной з задач адукацыйнага працэсу. Дзейнасць у гэтым кірунку мы пачынаем з самымі маленькімі дашкольнікамі.
Нядаўна ў нас прайшло свята беларускай народнай цацкі. Вельмі радасна нашы выхаванцы сустрэлі Дзеда-барадзеда, які прынёс у падарунак сапраўныя цуды – народныя цацкі. У чароўным куфры знайшліся цацкі гліняныя, саламяныя, драўляныя, якія выраблены рукамі народных умельцаў. Вельмі зацікавілі дзяцей гліняныя свістулькі ў выглядзе выяў розных жывёл, бразготкі. Хлопчыкам спадабаліся драўляныя конікі, яны з задавальненнем пагулялі з імі. Дзяўчынкі не маглі налюбавацца лялькамі з ільну, з тканіны, з саломы. З вялікай ахвотай дзеці пагулялі з Дзедам-барадзедам у беларускія народныя гульні “Снапы”, ”Гарлачык”, спявалі песні “Кот і козачка”, “Куточак зямлі”, “Зайграй жа мне дударочку”, дзяўчынкі выканалі прыгожы танец з лялькамі.
На развітанне Дзед-барадзед звярнуўся да дзяцей з прыгожымі словамі:
«Цацкі нашай даўніны
Дабром і цеплынёй заўжды
Напоўняць нашы сэрцы.
Толькі ў лепшае верце!
Любіце іх, гуляйце з імі
З цуда-цацкамі маімі».
Усе дзеці атрымалі цудоўнае ўражанне ад свята, ад сустрэчы з беларускімі народнымі цацкамі.







